РАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Ciliata),
клас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 падкл.: кругараснічныя інфузорыі, роўнараснічныя інфузорыі, спіральнараснічныя інфузорыі, этнадыніяморфы і ханатрыхі (Chonotricha). Каля 6,5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў прэсных і марскіх водах, паасобна і калоніямі, некат. здольныя прымацоўвацца да субстрату; састаўная ч. планктону і бентасу. Многія віды — паразіты, некат. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека.
Даўж. да 3 мм. У адрозненне ад сысучых інфузорый цела большасці відаў Р.і. на ўсіх стадыях жыццёвага цыкла ўкрыта раснічным покрывам (адсюль назва). Форма і афарбоўка цела разнастайныя, шмат бясколерных форм. Кормяцца бактэрыямі. водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажэнне бясполае і палавое.
А.М.Петрыкаў.
т. 13, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)